САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,

сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.

У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш. Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.

На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Літ.:

Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.

В.​А.​Ганэ, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)